08 лістапада - завяршэнне актавы ўсіх памерлых

07. 11. 2021

З 1 па 8 лістапада ва ўсіх каталіцкіх касцёлах праходзяць актавы ўсіх памерлых.

Кожна дзень мы молімся за нашых памерлых, наведваем іх могілкі, палім свечкі.

У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі.

Што такое адпуст?

Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вызначае адпуст як «адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыцца віны, які вернік атрымлівае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла».

Што гэта азначае? Падчас споведзі святар адпускае чалавеку віну, але наступствы граху застаюцца. Атрымаць адпуст — гэта значыць ліквідаваць наступствы граху.

Усталёўваць адпусты можа толькі найвышэйшая ўлада Касцёла: Рымскі Пантыфік і тыя структуры, якім Папа дэлегуе гэтыя абавязкі. Як правіла, гэта Кангрэгацыі і Апостальская Пэнітэнцыярыя — адмысловы трыбунал, які займаецца ўсімі пытаннямі сакрамэнту пакаяння.

Першы адпуст быў удзелены ў 1019 годзе. 

У чым розніца паміж поўным і частковым адпустам?

Адпуст бывае частковы або поўны ў залежнасці ад таго, якім чынам ён вызваляе ад пакарання за грахі: часткова або цалкам.

Поўны адпуст — гэта адпуст, калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне. Мы верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлых, то чалавек поўнасцю ачышчаецца і ідзе ў неба.

Частковы адпуст — гэта, па сутнасці, кожная наша малітва, Ружанец ці Літанія. Ахвяруючы іх за памерлых, мы набліжаем іх збаўленне.

У гісторыі Касцёла былі часы, калі адпуст вымяраўся ў часе: за пэўную малітву можна было атрымаць адпуст на месяц, на паўгады, на год і г.д. Ад гэтай практыкі пазней адмовіліся, таму што немагчыма палічыць час адпусту, бо ў вечнасці няма часу. 

За каго можна ахвяраваць адпуст?

Адпуст можна атрымаць за саміх сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Ахвяраваць адпуст за іншых жывых людзей немагчыма.

Прабачэнне віны ўдзяляецца падчас споведзі толькі жывым. Дараванне наступстваў граху можна ахвяраваць за памерлых. Якраз за наступствы граху памерлыя і пакутуюць у чыстцы.

Нашыя малітвы і адпуст ніколі не бываюць марнымі: нават калі мы не ахвяруем іх за кагосьці канкрэтна, Пан Езус «перанакіруе» іх у інтэнцыі тых, каму гэта неабходна.

Колькі адпустаў можна атрымаць на працягу актаву ўсіх памерлых вернікаў (1–8 лістапада)?

З 1 па 8 лістапада поўны адпуст можна атрымаць за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых. Гэты адпуст можна ахвяраваць толькі за памерлых.

Варта памятаць, што ў гэты перыяд адпуст можна атрымаць кожны дзень пры ўмове наведвання могілак і малітвы за памерлых. Прыняцце святой Камуніі дакладна ў гэты дзень для атрымання адпусту ў гэтым выпадку неабавязковае.

Асобна поўны адпуст можна атрымаць 2 лістапада за пабожны ўдзел у святой Імшы і малітву за памерлых. Такім чынам, 2 лістапада адпуст можна атрымаць два разы, ахвяраваўшы яго за двух памерлых. 

5. Якія ўмовы атрымання адпусту?

Каб атрымаць адпуст, неабходна быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыях, у якіх моліцца Пантыфік).

Важнай перадумовай з’яўляецца тое, што чалавек павінен быць ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле і не павінен быць экскамунікаваны (мець касцёльныя пакаранні).

Таксама чалавек павінен мець намер атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення няма, то адпуст удзелены не будзе. 

Якія адпусты можна атрымаць кожны дзень?

Ёсць чатыры адпусты, якія можна атрымаць кожны дзень па адным разе. Варта памятаць, што ў кожным з выпадкаў для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі (пасля споведзі), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

А) Адпуст пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу паўгадзіны. Калі чалавек на працягу паўгадзіны прымае ўдзел у адарацыі, ён атрымлівае поўны адпуст.

Такі адпуст можна атрымаць толькі адзін раз у дзень. Калі маліцца падчас адарацыі на працягу гадзіны, два адпусты чалавек не атрымае. Калі адарацыя трывае менш за паўгадзіны, то гэта частковы адпуст.

Б) Адпуст за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу паўгадзіны «з належным стаўленнем пашаны да Божага Слова і трактаваннем гэтага дзеяння як духоўнага чытання».

В) Адпуст за ўдзел у Крыжовым шляху. Але пры умове, што вернік удзельнічае ў ім там, дзе закладзена Крыжовая дарога са стацыямі (касцёл, Кальварыя і г.д.).

Падчас Крыжовага шляху важна не толькі чытаць прыпынкі мукі Пана Езуса, але і разважаць над імі. Варта таксама пераходзіць ад прыпынку да прыпынку, а не стаяць на месцы. Калі людзей шмат і для ўсіх магчымасці пераходзіць няма, то дастаткова, каб пераходзіў толькі той, хто вядзе Крыжовы шлях. Калі адна з гэтых умоў не выкананая, то адпуст частковы.

Маліцца, разважаючы над Крыжовым шляхам, можна і дома, але за гэта не будзе адпусту.

Г) Адпуст за прамаўленне часткі Ружанца з пяці таямніц у касцёле, у публічнай капліцы, у сям’і, законнай супольнасці або публічным зборы вернікаў.

Трэба прамовіць пяць дзясяткаў Ружанца без перапынку. Да малітвы трэба дадаваць разважанні. Таямніцы трэба называць поўнасцю: напрыклад, Таямніца першая — Малітва Езуса ў садзе Аліўным.

За такое адмаўленне Ружанца ўдзяляецца поўны адпуст. Калі магчымасці прыняць святую Камунію няма, яе можна прыняць пры бліжэйшай магчымасці.

08 лістапада ў нашым парафіяльным касцёле адбудзецца завяршэнне актавы за памерлых. Запрашаем далучыцца да супольнай малітвы.

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.