Здзіслаў Пікула

07. 03. 2020

         Пасля заканчэння васьмігадовай школы ў Польшчы Здзіслаў хацеў стаць механікам сельскагаспадарчых машын. Для гэтага ён скончыў адпаведны тэнікум, атрымаў накіраванне на работу. Аднак Божы Промысел абраў для яго зусім іншы шлях…

         Дапамог адзін  выпадак. Аднойчы Здзіслаў удзельнічаў у футбольным матчы з навіцыятамі (манахамі-першагодкамі) Ордэна салезіянцаў (каталіцкае манаскае брацтва папскага права). Пасля матча маладыя манахі падарылі яму кнігу пра святога Яна Боска. Дзейнасць гэтага святога закранала душу Здзіслава, і ён рашыў стаць манахам.

         У 1975 годзе Ордэн салезіянцаў адправіў 100 місіянераў у краіны трэцяга свету. Здзіслаў Пікула паехаў прапаведаваць у Балівію, у самыя джунглі, да індзейцаў. Прыйсці ў племя і адразу ж пачаць місіянерскую справу – задача складаная. Першапачаткова трэба было заваяваць давер: у пэўнай ступені жыць жыццём племені, іх традыцыямі. За гады жыцця ў Балівіі вывучыў іспанскую мову, а таксама мову плямён кетчуа і аймара. Праз два гады знаходжання ў балівійскіх джунглях Здзіслаў Пікула вырашыў паступіцьвучыцца, паколькі адсутнасць адукацыі і адпаведнага сану не дазваляла яму самому хрысціць дзяцей, заключаць шлюбы – прыходзілася звяртацца да іншых святароў.

         Каб стаць святаром, Здзіслаў вырашыў паступіць у Акадэмію ў Эквадоры, дзе патрэбна было вучыцца 17 гадоў. А вось навучанне на факультэце філасофіі складала два гады. Паспяхова здаўшы экзамены – геаграфію і гісторыю Эквадора -,  Здзіслаў стаў студэнтам філасофскага факультэта. Разам з вучобай, згодна статута Салезіянскага ордэна, ён павінен быў весці асветніцкую работу з дзецьмі і моладдзю. Два гады навучання праляцелі хутка. Кіраўніцтва Ордэна салезіянцаў накіравала місіянера Здзіслава ў Польшчу, каб атрымаць вышэйшую духоўную адукацыю.

         У Польшчы Здзіславу Пікуле прыйшлося зноў на працягу двух гадоў вывучаць філасофію (атрыманая ў Эквадоры адукацыя не залічвалася)  і яшчэ 4 гады – тэалогію. Святарскае прысвячэнне атрымаў у 1985 годзе. Пачынаў служыць у Польшчы, а ў 1989 годзе прыехаў у Беларусь.

         У сакавіку 1990 года ксёндз Здзіслаў Пікула стаў пробашчам касцёла ў Варнянах, які неабходна было аднаўляць (касцёл, які да гэтага часу быў клубам, не меў ні алтароў, ні абразоў). Калі аднаўленне святыні было завершана, Здзіслаў узяўся за рэстаўрацыю каплічкі ў Вароне, якую завяршыў праз два гады.

         Так, на працягу 24 гадоў (з 1990 па 2014) ксёндз Здзіслаў Пікула служыў праўдай і верай Варнянскай парафіі. Яго любілі і паважалі за шчырасць, адкрытасць, праўдзівасць і самааддачу. А ў сэрцах вернікаў ён пакінуў добрую памяць.

         З 2014 года ксёндз Здзіслаў Пікула з’яўляецца пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Дзятлава.

 

Паважаныя браты і сёстры! Наш касцёл існуе за кошт ахвяраванняў вернікаў. Шчыра дзякуем усім, хто наведвае нашу святыню і далучаецца да жыцця парафіі праз сайт. Дзякуем усім ахвярадаўцам і молімся за ўсіх Вас.

Калі жадаеце скласці ахвяраванне на патрэбы нашага касцёла, можаце звярнуцца ў закрыстыю да кс. Віктара.

У закрыстыі  таксама можна:

  • Запісацца на перадшлюбныя заняткі
  • Запісаць дзяцей у Нядзельную школу
  • Падаць інтэнцыю аб малітве за жывых (аб здароўі і Божым Благаслаўленні, аб Божай волі ў складанай сітуацыі і г.д.)
  • Таксама за памерлых
  • Набыць і асвяціць крыжыкі, медалікі, абразы, ваду і г.д.
  • Дамовіцца наконт асвячэння кватэры, крамы, машыны і г.д.
  • Запрасіць святара на цэлебрацыю абраду пахавання, удзялення Сакрамэнту намашчэння хворых.
  • Скласці ахвяраванні на патрэбы дабрачынных арганізацый.

У закрыстыі вы можаце набыць: малітоўнік, спеўнік, свечкі, крыжык, абразы рознага памеру, неабходныя рэчы для шлюбу, хросту и г.д.